Дзень беларускай вышыванкі

Другога ліпеня ў нашай краіне ўжо ў пяты раз адзначаецца “Дзень вышыванкі”. Гэты дзень прысвечаны беларускаму нацыянальнаму арнаменту. Для нашых продкаў арнамент быў не толькі ўпрыгажэннем, але і своеасаблівым шыфрам, які яны перадалі нам праз стагоддзі.
Вышыўка нацыянальным арнаментам была распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Але ў кожным рэгіёне яна мела свае асаблівасці. Некалі беларусы, як і іншыя славяне, выкарыстоўвалі два колеры – чырвоны і белы. Белы колер сімвалізаваў чысціну і бязгрэшнасць, чырвоны – жыццё, сонца і багацце. У канцы XIX стагоддзя ў нацыянальным арнаменце з’явіўся чорны колер, які выкарыстоўваўся ў спалучэнні з чырвоным.
Яскравай асаблівасцю нацыянальнага арнаменту Беларусі з’яўляецца выкарыстанне пераважна геаметрычных фігур: кругоў, зорак, крыжоў, ромбаў, квадратаў, рысак і кропак. Рэдка сустракаюцца раслінныя матывы – суквецці ружаў, плады вінаграду і інш.
Кожны сімвал мае ўласнае, асаблівае значэнне, якое адлюстроўвае яго існасць. Напрыклад, вялікае дрэва сімвалізуе бессмяротнасць і вечнасць. Знак “Жытняя Баба” абазначае ўрадлівасць. Ромб у ромбе – выява абуджэння прыроды вясною. Прысутнічаюць у арнаментацыіі сімвалы маці і дзяўчыны-бярозы, якія ахоўваюць малых дзяцей. А для кахання ў беларускім нацыянальным арнаменце ёсць не адно адлюстраванне, а цэлых чатыры – гэта адлюстраванне любасці, кахання, кахання без узаемнасці і памяці пра каханне (малюнак 5).
Трэба адзначыць, што самабытны беларускі арнамент, унікальны па сваім паходжанні, не страчвае сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень. Сучасная моладзь ахвотна носіць цішоткі, кашулі і нават спадніцы, упрыгожаныя яскравымі чырвонымі выявамі беларускага арнаменту. І гэта годны прыклад павагі да сваіх продкаў і да сваёй Радзімы!

1810