Вышивальщица по бисеру из Добруша Антонина Атрощенко рассказала, как ее работы стали экспонатами районного краеведческого музея


Знаёмства з вышывальшчыцай Антанінай Атрошчанка пачалося па-дзелавому.

Усё пакажу наглядна, – гаспадыня запрашае ў пакой, дзе знаходзіцца яе рабочае месца. – З асноўных прылад – толькі іголка, ніткі і некалькі пакецікаў рознакаляровага бісеру. З дапаможных – акуляры: без “другіх вачэй” злавіць на кончык тонкай іголкі маленечкую пацерачку – задача няпростая.

Суразмоўца кладзе на калені распачатую работу – будучы абраз святой Настассі.

Шэсцьдзясят пятая па ліку, – удакладняе Антаніна Канстанцінаўна.

Праўда, дома ў майстрыхі з работ засталася толькі маленькая частка. Астатнія ўпрыгожваюць сцены кватэр блізкіх людзей: дзвюх сясцёр, дваіх сыноў. Лепшага падарунка на дзень нараджэння, чым імянны абразок, і не знойдзеш, лічыць майстрыха.

Работы Антаніны Атрошчанка зацікавілі і тых, хто прафесійна ацаніў іх мастацкую вартасць. Выстаўку абразоў дабрушанкі арганізавалі супрацоўнікі раённага музея. Падобную прапанову Антаніна Канстанцінаўна атрымала з карціннай галерэі ў Гомелі.

Галоўнае, што маці задаволена, – загадкава мовіць вышывальшчыца.

Аказваецца, асвоіць сакрэты абыходжання з іголкай і мулінэ яна вырашыла, каб даказаць: матчына захапленне, якому аддадзена мноства сіл і часу, знайшло працяг. Маладзейшыя сёстры Валянціна і Ніна адразу сказалі: гэта занятак не для іх.

Ведаючы іх характары, думаю, яно і сапраўды так, – лічыць Антаніна Атрошчанка. – Вышыванне патрабуе шмат цярпення і ўважлівасці.

Дададзім: і часу. На адну работу невялікага памеру затрачваецца ў сярэднім чатыры дні. Гэта, у асноўным, перапынкі паміж гаспадарчымі справамі. А іх дастаткова: догляд за 95-гадовай маці мужа, дачныя клопаты. Што здзіўляе: ад суразмоўцы не пачула ніводнага наракання на цяжкасці жыцця. Наадварот, прагучаў захоплены расказ пра сям’ю, чатырох унукаў і дваіх праўнукаў.

Праўнучцы Меланіі на яе чацвёрты дзень нараджэння наважылася вышыць абраз прападобнай Меланіі Рымлянкі, – дзеліцца Антаніна Канстанцінаўна. – Паехала ў гомельскую краму, дзе звычайна набываю бісер і схемы. Патрэбнай не знайшлося. Чакала амаль паўгода. Нарэшце з магазіна патэлефанавалі, з падарункам павінна паспець.

На пытанне, чаму ёй больш падабаецца вышываць святых, а не пейзажы ці нацюрморты, майстрыха паціснула плячамі:

Калі ўпрыгожваю іх адзенне, дадаю бліскучыя элементы фону, адпачываю душой і целам.

Кожны абраз яна прыносіць у царкву, каб асвяціць. Успамінае, з якім хваляваннем загарнула ва ўласнаручна вышыты ручнік “Георгія Пабеданосца”. Спытала меркаванне настаяцеля наконт якасці работы. Святар пацвердзіў: яно годнае. І нават даў некалькі каштоўных парад. Для німба, напрыклад, пажадана выбіраць светлыя колеры. Адзенне можна зрабіць больш яркім. Чорная, шэрая і і іншыя цёмныя фарбы непажаданыя.

У вашай скрынцы такіх і няма, – перабіраючы пальцамі дробненькія бліскучыя шарыкі, заўважаю гаспадыні.

А майстрыха раіць: бісер лепш браць чэшскі. Ён аднолькавага памеру, кладзецца роўна. А гэта вельмі ўплывае на вынік.

Прафесіяналам, між тым, Антаніна Атрошчанка сябе не лічыць. З усмешкай адзначае: у 60 з лішнім год вучыцца новаму складана. Але калі душа ляжыць, то і повар па спецыяльнасці зможа ствараць прыгажосць на палатне.

А гэта вышывала мая маці Наталля Іванаўна, – гаспадыня прыносіць з суседняга пакоя стос падсіненай пасцельнай бялізны. – Я вырашыла захаваць гэтыя ручнікі і навалкі як удзячнасць за яе залатыя рукі. Толькі ўявіце: вышыванне яна брала з сабой, калі збіралася на работу на торфазавод. Каб у вольную хвілінку расквеціць манатоннасць вытворчага працэсу яркімі ружамі ды макамі…



Вышивальщица по бисеру из Добруша Антонина Атрощенко